Беларуская Служба

Украіна можа атрымаць дальнабойныя ракеты ATACMS - Байдэн падпісаў закон

24.04.2024 18:53
Неабходная Украіне зброя ўжо перакінутая ў Еўропу - неўзабаве пачнуцца яе пастаўкі Кіеву. 
Аўдыё
  • Украіна можа атрымаць дальнабойныя ракеты ATACMS - Байдэн падпісаў закон
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на брыфінгу пасля падпісання Закону аб дапамозе Украіне і іншым дзяржавам PAP/EPA/SHAWN THEW

Кангрэс ЗША канчаткова ўхваліў выдзяленне дапамогі агульным аб'ёмам у 95 млрд долараў Украіне, Ізраілю і Тайваню. Вечарам 23 красавіка пакет з чатырох адпаведных законапраектаў зацвердзіў амерыканскі Сенат 79 галасамі «за» пры 18 «супраць». Дакумент таксама вечарам у сераду, 24 красавіка, падпісаў прэзідэнт Джо Байдэн. Дарэчы, раней амерыканскі лідар казаў, што зробіць гэта неадкладна пасля парламенцкай працэдуры.

На дапамогу Украіне выдзелена амаль 61 млрд долараў. Байдэн паабяцаў, што ваенныя пастаўкі Кіеву адновяцца «на гэтым тыдні».

З 60 млрд 840 млн долараў ЗША, прызначаных Вашынгтонам на дапамогу Украіне, больш 23 млрд 200 млн долараў пойдзе на папаўненне амерыканскіх ваенных запасаў, з якіх ажыццяўляюцца пастаўкі Украіне. 11 млрд 300 млн запланавана на бягучую дзейнасць войскаў ЗША ў рэгіёне, у тым ліку на навучанне ўкраінскіх салдат. Каля 14 млрд прадугледжана на прамыя закупкі ўзбраенняў і ваеннага абсталявання ў амерыканскіх вытворцаў. Таксама Украіне ў выглядзе крэдыту будзе выдзелена 7 млрд 850 млн долараў макрафінансавай дапамогі для падтрымкі эканомікі.

Амерыканскім парламентарам і амерыканскаму народу за падтрымку Украіны падзякаваў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Ён падкрэсліў, што дапамогу адчуюць «вайскоўцы на перадавой і ўкраінскія гарады і сёлы, які трапілі пад расійскі тэрор».

- Я дзякую кожнаму і кожнай, хто падтрымаў гэты пакет. Гэта рашэнне – для абароны жыцця. Мы цэнім кожны крок для падтрымкі нашай дзяржавы і незалежнасці.

Рашэнне амерыканскага боку пазітыўна ацаніў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Кіраўнік польскай дзяржавы назваў дапамогу Вашынгтону «бясцэннай». 

- На фоне заяў Уладзіміра Пуціна пра далейшае атакаванне Украіны Кіеву патрэбная зброя, каб абараняцца. У такой сітуацыі амерыканская дапамога не тое што цэнная, яна – бясцэнная.

Амерыканскія СМІ, спасылаючыся на крыніцы ў адміністрацыі ЗША, паведамілі, што Пентагон загадзя падрыхтаваў вялікую партыю ваеннай дапамогі Украіне на агульную суму ў 1 млрд долараў. Так, у спісе паставак знаходзіцца бронетэхніка, у тым ліку БМП Bradley, боепрыпасы для рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS, 155-міліметровыя артылерыйскія боепрыпасы, супрацьтанкавыя боепрыпасы TOW і Javelin, а таксама зенітна-ракетныя комплексы.

Паводле СМІ, прэзідэнт Байдэн загадаў Дэпартаменту абароны ЗША даставіць ваенную тэхніку ў Польшчу і Германію некалькі тыдняў таму, каб адразу ж пасля прыняцця пакету дапамогі можна было пачаць пастаўкі ва Украіну.

Дарэчы, у законе прадугледжваецца магчымасць паставак Кіеву дальнабойных ракет ATACMS. Іх дальнасць паражэння складае да 300 км. Такую зброю Кіеў ужо даўно патрабуе для спынення расійскага тэрору мірнага насельніцтва. Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка сказаў тэлеканалу FREEДOM, што магчымасць паставак згаданых ракет – даволі высокая.

- У законапраекце ёсць норма – рэкамендыцыя прэзідэнту Байдэну паставіць ва Украіну дальнабойныя ракеты ATACMS. Прэзідэнт Байдэн нібыта можа гэтага не зрабіць, аднак у такім выпадку ён будзе прымушаны растлумачыць Сенату, па якіх меркаваннях бяспекі ён не пастаўляе Украіне гэтыя ракеты. Але, назіраючы за рознымі заявамі, магчымасць таго, што ракеты будуць пастаўленыя, даволі высокая. 

Дарэчы, перад прыняццем закону амерыканскім парламентам існавалі меркаванні, што расійская армія можа атрымаць вялікі поспех падчас наступу, калі ЗША не адновяць дапамогі Украіне ў поўным аб'ёме. Пра гэта гаварылі вайскоўцы, палітыкі і эксперты - прычым як украінскія, так і заходнія.

Пры адсутнасці амерыканскіх сродкаў на фінансаванне Украіны і яе ўзброеных сілаў Кіеву спрабавалі дапамагчы іншыя саюзнікі, перш за ўсё еўрапейскія, але іх рэсурсаў недастаткова. 

вс

слухайце аўдыёфайл